Маштабную прафілактычную акцыю правялі ў РНПЦ у Сусветны дзень барацьбы з дыябетам
Яшчэ 4 лістапада Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ўключыўся ў рэспубліканскую акцыю "Дыябет і медыка-сацыяльны дабрабыт". З тых часоў спецыялісты Цэнтра арганізавалі і правялі шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на ранняе выяўленне фактараў рызыкі развіцця цукровага дыябету і парушэнняў вугляводнага абмену, вялі работу па павышэнні ўзроўню ведаў аб дыябеце як сярод пацыентаў, так і сярод спецыялістаў аховы здароўя. У прыватнасці, для практыкуючых урачоў і студэнтаў-медыкаў у сценах РНПЦ прайшла рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя з міжнародным удзелам "Актуальныя праблемы эндакрыналогіі і эндакрыннай хірургіі".
А вось для пацыентаў Цэнтра сёння арганізаваны своеасаблівы медыцынскі пост, які і зараз працуе ў цэнтральным холе будынка РНПЦ. Тут на сталах размешчана раздатачная выдавецкая прадукцыя з папулярнай медыцынскай інфармацыяй, тут жа работнікі Цэнтра расказваюць зацікаўленым наведвальнікам аб мерах прафілактыкі цукровага дыябету, здаровым ладзе жыцця, прапануюць вымераць артэрыяльны ціск, вагу і рост, а таксама наведаць працэдурны кабінет і зрабіць аналіз крыві на ўтрыманне цукру.
Дарэчы, калі своечасова пазнаць аб рызыцы ўзнікнення цукровага дыябету, то можна паспрабаваць хваробу прадухіліць. У многіх выпадках простыя меры па падтрыманні здаровага ладу жыцця могуць спыніць ці затармазіць развіццё цукровага дыябету другога тыпу. Менавіта з гэтай мэтай - павысіць дасведчанасць насельніцтва аб сімптомах небяспечнага захворвання і яго ўскладненнях, а таксама інфармаваць людзей аб неабходнасці прафілактыкі - штогод і праводзіцца Сусветны дзень барацьбы з дыябетам.
